<100 <Артыкулы <Змест | 73. Хто такі Вацлаў Іваноўскі? Вацлаў Іваноўскі - адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Нарадзіўся ён у 1880 годзе ў шляхецкай сям'і ў маёнтку Лябёдка, недалёка ад мястэчка Васілішкі Лідскага павета. Рана ўсвядоміў сябе як беларус. У часе вучобы ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце ў 1902 годзе з групай аднадумцаў (А. Пашкевічанка, І. Луцкевіч і інш.) спрабаваў наладзіць выданне на гектографе падпольнай газеты "Свабода" як перыядычнага органа Беларускай рэвалюцыйнай партыі. Аднак пры нявысветленых абставінах амаль увесь наклад першага нумара давялося знішчыць. У 1903 годзе Іваноўскі ўдзельнічаў у заснаванні Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады. У 1906 годзе ўзначаліў славутую выдавецкую суполку "Загляне сонца і ў наша ваконца" ў Пецярбурзе. Першымі кніжкамі суполкі былі падручнікі "Беларускі лемантар, або першая навука чыання" і "Першае чытанне для дзетак беларусаў" Цёткі. Усяго было выдадзена 38 кніг (у тым ліку шэсць першых кніг Янкі Купілы) агульным накладам болей за 100 тысяч паасобнікаў. Суполка і асабіста В. Іваноўскі адыгралі значную ролю ў згуртаванні на грунце нацыянальна-культурнай дзейнасці беларускай студэнцкай моладзі. У ліпені 1913 года В. Іваноўскі пераехаў у Вільню, дзе стаўся старшынёю Беларускага выдавецкага таварыства (Я. Купала быў яго сакратаром). Паспяховую дзейнасць таварыства спыніў наступ немцаў. За два гады яно выдала 14 кніг агульным накладам блізу 45 тысяч паасобнікаў. Адначасова з актыўным удзелам у нацыянальна-вызваленчым руху В. Іваноўскі займаўся навуковай дзейнасцю. У 1909 годзе ў Мюнхене абараніў доктарскую дысертацыю і да 1913 года быў дацэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. Іваноўскі стварыў першы падручнік неарганічнай хіміі для ВНУ на беларускай мове, шмат зрабіў у распрацоўцы нацыянальнай навуковай тэрміналогіі. У 20-30-я гады ад беларускага нацыянальнага руху адышоў, займаўся амаль выключна навукай. Да актыўнай палітычной дзейнасці вярнуўся ў часе другой сусветнай вайны. Акупацыю Беларусі разглядаў як часовую з'яву. Арыентаваўся на заходніх праціўнікаў Гітлера, а ў сувязі з гэтым - на польскі эміграцыйны ўрад у Лондане, разлічваючы на федэрацыю Беларусі і польшчы ў паваеннай Еўропе. Аднак паразумецца з палякамі не ўдалося, бо яны ўпарта стаялі на платформе Рыжскага трактату і разглядалі Заходнюю Беларусь як польскія землі. З лістапада 1941 года - бургамістр Менска, на гэтай пасадзе шмат зрабіў для ратавання людзей ад рэпрэсій акупантаў. Улетку 1943 года з ініцыятывы групы В. Іваноўскага было створанае нелегальнае Беларускае нацыянальна-дэмакратычнае абэяднанне дзеля згуртавання сіл, якія мелі на мэце адбудову пасля вайны беларускай дзяржаўнасці. 7 снежня 1943 года В. Іваноўскі быў забіты на адной з вуліц Менска. Ёсць падставы меркаваць, што забойства было ўчынена са згоды гаўляйтэра Беларусі фон Готберга.
(с) Вэбмайстар: Сьцізорык. Менск. 2001 |